TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Адкрываючы шляхі сяброўства і еднасці

 
Чацвер, 17 ліпеня 2025 г.

Шчыра вітаем усіх, хто прыехаў, каб правесці гэты тыдзень з намі ў Тэзэ! Многія з вас паходзяць з Нямеччыны, але сярод нас таксама групы з Аўстрыі, Харватыі, Францыі, Нідэрландаў, Румыніі, Гішпаніі, Швецыі, Швейцарыі ды іншых краін.

Але асабліва хачу выказаць сваю радасць з нагоды прысутнасці ў гэтыя дні маладых вернікаў-мусульман разам з трыма імамамі, а таксама маладых хрысціян са святарамі і пастарамі, якія прымаюць удзел у нашае сяброўскае хрысціянска-мусульманскае сустрэчы. Вітаю ўсіх вас!

У той час, калі палярызацыя ў нашых грамадствах узмацняецца і так лёгка трапіць у стэрэатыпнае бачанне, якое вядзе нас да менталітэту «мы-яны», ці ж не важна для вернікаў сустракацца і выслухоўваць адно аднаго, размаўляць і дзяліцца разам?

Дух Божы дзейнічае таемным чынам, а мы не можам абмежаваць Яго дзейнасць. Божыя шляхі не заўсёды з’яўляюцца нашымі шляхамі, а Божыя думкі – не заўсёды нашымі думкамі. Мы павінны дазволіць Богу і адно аднаму здзівіць сябе.

На пачатку тыдня, калі я на хвіліну сустрэўся з удзельнікамі сяброўскае хрысціянска-мусульманскае сустрэчы, я працытаваў некаторыя словы святой памяці папы Францішка, які так шмат зрабіў для адкрыцця шляхоў сяброўства і еднасці паміж вернікамі ўсіх веравызнанняў. Мне б хацелася падзяліцца гэтымі словамі зараз з усімі вамі:

“Свет, гледзячы на нас, вернікаў, заклікае нас супрацоўнічаць паміж сабою, а таксама з мужчынамі і жанчынамі добрай волі, якія не вызнаюць ніякай рэлігіі, просячы нас даць эфектыўныя адказы на шматлікія праблемы: мір, голад, галеча, ад якой пакутуюць мільёны людзей, экалагічны крызіс, гвалт, асабліва той, што здзяйсняецца ў імя рэлігіі, карупцыя, маральны заняпад, крызіс сям’і, эканомікі, фінансаў, а асабліва надзеі.
 
Мы, вернікі, не маем рэцэпту для вырашэння гэтых праблем, але ў нас ёсць адзін выдатны рэсурс: малітва. Мы, вернікі, молімся. Нам трэба маліцца. Малітва – гэта наш скарб, з якога мы чэрпаем згодна з нашымі традыцыямі, каб выпрасіць дары, якіх прагне чалавецтва.
 
(….) Няхай наша малітва – кожнага паводле ўласнае традыцыі – цалкам адпавядае волі Бога, які хоча, каб усе людзі прызнавалі сябе братамі ды сёстрамі і так жылі, фармуючы вялікую чалавечую сям’ю ў гармоніі разнастайнасці”. [1]

На працягу гэтых дзён мы дзяліліся думкамі і супольна маліліся. Будзьма ж працягваць чэрпаць сілы з таго скарбу, якім з’яўляецца малітва. Ці магу я папрасіць вас маліцца ў трох інтэнцыях:

  • - Давайце прасіць аб міры ў нашых сем’ях, наваколлі і ў нашым свеце, дзе вайна сее хаос.
  • - Давайце папросім аб большым паразуменні паміж намі праз простыя акты салідарнасці і дзялення адно з адным.
  • - Давайце прасіць аб спосабах сумеснага палягчэння пакут ва ўсіх іх формах у нашае чалавечае сям’і ды ў цудоўным Божым стварэнні.

Такім чынам Бог, які міласэрны і любіць кожнага чалавека без выключэння, адновіць нашую надзею. Але мы таксама павінны зрабіць выбар: адмовіцца змірыцца з сітуацыямі бедства, каб унутры нас магла ўкшталтавацца надзея.

Гэта супрацьлегласць пасіўнаму чаканню, гэта прадугледжвае барацьбу, але іншага шляху няма. Нават сама наша прага надзеі можа перавесці нас праз парог ад таго, што магчыма для чалавека, да таго, што магчыма для Бога.

Гэтым вечарам з намі Рым. Яе сям’я паходзіць з Газы. Я папрасіў яе падзяліцца некалькімі словамі пра сітуацыю, якая там склалася.

Мяне завуць Рым. Я нарадзілася ў Газе. Мы з сям’ёй жылі ў Хан-Юнісе, будучы адзінай хрысціянскай сям’ёй у цэнтры горада з больш чым 300 000 жыхароў на той час. У 1998 годзе мы з Хасэ пабраліся шлюбам у касцёле Святога Сямейства ў Газе. У 2001 годзе мы пераехалі жыць ва Францыю.
 
У нядзелю вечарам, калі я прыехала ў Тэзэ, я была глыбока кранутая прысутнасцю мусульман. Я ўбачыла пробліск адкрытага чалавецтва, якое аб’ядналася са сваімі рознагалоссямі, нягледзячы на ​​падзелены свет. Гэта нагадала мне цудоўныя моманты братэрства, якія я перажыла ў паўсядзённым жыцці ў Газе з маімі мусульманскімі сябрамі і суседзямі: на працы, падчас святаў і нават у самыя цяжкія часы. Гэта было так натуральна, што мы не прачыналіся кожную раніцу з думкай: «Сёння я збіраюся жыць у братэрстве з мусульманамі».
 
Гэта не толькі ўспамін. Гэта скарб майго жыцця ў Газе, дзе дагэтуль жыве ўся мая сям’я. Частка з іх з 8 кастрычніка 2023 года знайшла прытулак у касцёле Святога Сямейства. Іх жыццю кожны дзень пагражаюць масавыя забойствы, учыненыя ізраэльскай арміяй. Сёння наш касцёл разбамбілі. Тры чалавекі загінулі, члены маёй сям’і былі параненыя.
 
Калі я хвалююся за іх, менавіта яны даюць мне сілы і нагадваюць мне даверыцца Богу, бо яны аддаюць сябе сваёй веры. Кожную хвіліну яны жывуць з Богам.
 
Нягледзячы на гэтую бязглуздую вайну, я атрымала выразы братэрскае і сяброўскае падтрымкі. Я нанова адкрыла, што нават у цемры ёсць святло. Нягледзячы на жорсткасць, чалавечнасць ёсць. І калі, здавалася б, нічога не засталося, застаецца вялікая шчодрасць і салідарнасць.

Заўтра ўвечары я хацеў бы запрасіць усіх вас прыйсці а 20:00 у Храм, калі мы будзем маліцца аб міры ў нашым неспакойным свеце. Мы молімся проста ў цішыні, таму што так цяжка знайсці словы, каб выказаць тое, што мы адчуваем у гэтых сітуацыях.

Застаючыся ў маўчанні, мы даручаем Богу тых, хто пакутуе. Мы памятаем і пра Блізкі Усход, і пра Ўкраіну, і пра Судан, і пра Нікарагуа, і пра іншыя месцы. Магчыма, у нашых сэрцах узнікне адчуццё адносна таго, як мы можам па-свойму дапамагчы кожнаму сярод усёй гэтай бяды. Ці ж нашае жаданне міру не адчыняе шлях да яго ўнутры нас?

Напрыканцы года, з 28 снежня па 1 студзеня, у Парыжы і на прадмесцях рэгіёну Іль-дэ-Франс пройдзе нашая штогадовая Еўрапейская сустрэча. Калі вам ад 18 да 35 гадоў, запрашаем прыехаць і прыняць удзел. Мітрапаліт Парыжскі, арцыбіскуп Ларан Ульрых і біскупы правінцыі, а таксама лідэры пратэстанцкіх і праваслаўных цэркваў вельмі сардэчна запрашаюць нас падрыхтаваць гэтую сустрэчу з мясцовымі царкоўнымі абшчынамі.

У верасні група братоў Тэзэ, сясцёр супольнасці святога Андрэя, блізкіх супрацоўнікаў і валанцёраў адправіцца, каб сфармаваць каманду па падрыхтоўцы да гэтае Сустрэчы. Мяркую, што мы ўсё яшчэ шукаем маладзёнаў, якія могуць дапамагчы ў гэтым, так што калі вам ад 18 да 35 гадоў, у вас ёсць час з канца жніўня да пачатку студзеня і вы хочаце быць часткай гэтае міжнароднае каманды, паведаміце нам!

Апошняе абнаўленне: 18 July 2025