TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Бачны знак еднасці ў нашае чалавечае сям’і

 
Чацвер, 24 ліпеня 2025 г.

На гэтым тыдні больш за 50 розных краін прадстаўлены ў Тэзэ на нашых штотыднёвых сустрэчах, з усіх частак свету, акрамя Антарктыды. Вельмі цёпла вітаем усіх вас! Нашая разнастайнасць паходжання, мовы, культуры і традыцый нясе з сабою выклікі, але ці ж не з’яўляецца гэта таксама выдатным знакам у нашым сучасным свеце?

Можна жыць бачным знакам еднасці ў нашае чалавечае сям’і, тым, што нашая супольнасць называе «прыпавесцю аб камуніі», калі на працягу гэтых дзён мы супольна молімся, слухаем Божае Слова і будуем супольнае жыццё. Хіба тое, што мы перажываем тут у гэтыя дні, не аднаўляе нашую надзею? І ці ж не Хрыстус аднаўляе гэтую надзею, які праз сваё ўваскрасенне кажа нам, што пакута і смерць ніколі не будуць мець апошняга слова.

Калі я рыхтаваў ліст «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі», мне хацелася выслухаць маладых людзей, якія жывуць у сітуацыі, калі вайна сее хаос. Іх вера ў Бога і ва Ўваскрасенне Езуса мяне вельмі кранула. Для многіх з іх гэта было далёка не выратаваннем ад праблем, але тым, што дазволіла ім цвёрда трымацца ды рабіць усё магчымае, каб дапамагаць іншым.

Праз некалькі хвілінаў Бажэна, якая паходзіць з Украіны і сёлета валанцёрыць у Тэзэ, падзеліцца некаторымі думкамі, але перадусім я хацеў сказаць некалькі слоў пра Евангельскае чытанне, якое мы толькі што пачулі.

Езус, вылечыўшы мноства розных людзей, вяртаецца ў родны горад. Спачатку, калі людзі чуюць, як Ён гаворыць, дзівяцца Яго мудрасці і ўсяму, што Ён учыніў. Але вельмі хутка іх стаўленне змяняецца.

Ім здаецца, што ведаюць Езуса, ведаюць яго сям’ю і паходжанне. Яны не ў стане ўбачыць Божы дар, які Ён дае сваім жыццём, нібыта Бога можна пазнаць выключна ў незвычайным і відовішчным, а не ў звычайнасці штодзённага чалавечага існавання. А Езус сказаў “Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго”.

Праз некалькі дзён вы пакінеце Тэзэ. Магчыма, вы вяртаецеся туды, дзе людзі не асабліва цікавяцца Езусам, напрыклад, як было ў Яго родным горадзе. Але хіба не важна задумацца над тым, што вы перажылі ў гэтыя дні? Ці было гэта нешта відовішчнае і незвычайнае? Ці насамрэч тое было простым і звычайным?

Малітва, чытанне Бібліі і дзяленне з іншымі не заўсёды выклікаюць сенсацыю і захапляюць дух. Шмат у чым усё тое можа быць звычайным. Калі, вярнуўшыся дадому, вы зможаце штодзённа выдзяляць некалькі хвілін, каб памаліцца, паслухаць Слова Божае і, магчыма, зрабіць што-небудзь з іншымі вернікамі кожныя некалькі дзён ці хаця б раз на тыдзень, тады вы можаце быць здзіўленыя, убачыўшы, што гэта магчыма.

У пэўным сэнсе вам трэба забыць Тэзэ, каб жыць прыгажосцю таго, што вы тут адкрылі. Робячы кожны дзень хоць бы маленькія крокі, каб рэалізаваць тое, што вы зразумелі аб даверы да Езуса, вы зможаце крочыць наперад, а Яму аднавіць вашую надзею. Хіба не ў звычайных падзеях штодзённага жыцця Святы Дух дзейнічае і стварае ў нас нешта трывалае?

Шмат хто з вас прыехаў з іншымі людзьмі. Як вы можаце працягваць падтрымліваць адно аднаго, калі вернецеся дадому? Нам усім патрэбна супольнасць, і калі гэта магчыма ў нашых мясцовых Цэрквах, дзе кожны з нас мае сваю ролю, тады еднасць у Хрысце становіцца адчувальнай.

А цяпер Бажэна скажа некалькі слоў:

Горад, у якім я жыву ва Ўкраіне, не акупаваны, там не ідуць актыўныя баі. Але вайна ўплывае на ўсё. Кожны дзень я задаю сабе пытанне: што я магу сёння зрабіць – для іншых, для сябе, для сваёй краіны? Бо ніхто не ведае, ці будзе “заўтра”. Многія ўкраінцы жывуць з адчуваннем нявызначанасці – не ведаюць, што будзе праз тыдзень, праз месяц ці ў наступным годзе. Таму кожны дзень мае асаблівую вагу – мы жывем сёння і маем магчымасць дзейнічаць цяпер.
 
Тэзэ стала месцам, дзе я магу не толькі адчуць спакой у цяперашні момант, але і адважыцца з надзеяй думаць пра будучыню. Гэта месца, дзе я адчуваю, што мяне прымаюць. Месца, дзе нехта чакае цябе. Падтрымка азначае прысутнасць – нават здалёк. Гэта значыць не маўчаць, казаць праўду пра сітуацыю ва Ўкраіне і памятаць пра нас.
 
Але самая вялікая падтрымка для нас – гэта малітва. Таму што малітва не мае межаў – яна злучае людзей нават тады, калі здаецца, што нічога іншага больш няма. Бывае, што ў чалавека няма сіл маліцца, і тады замест яго моліцца нехта іншы. Ужо тры гады ідзе вайна, і нам вельмі патрэбная вашая малітва і падтрымка.
 
Мы шчыра ўдзячныя за тую бязмежную дапамогу, якую мы атрымліваем з іншых краін. Дзякуй вам за адкрытасць да дапамогі, за вашыя чулыя і добрыя сэрцы. Гэта сапраўдны знак любові, калі людзі з розных краін, моў і культур становяцца адной сям’ёй. Нават у змроку вайны мы бачым святло: у вашае падтрымцы, у вашае прысутнасці ды ў вашых малітвах.
 
На гэтым тыдні мы ладзім адмысловы праект – выставу дзіцячага малюнка з Украіны пад назвай «Колеры надзеі». Дзеці Ўкраіны – гэта дзеці вайны. Яны ведаюць, што такое баяцца і хавацца. Яны ўмеюць хутка спакаваць свае рэчы. Яны ведаюць, што самае галоўнае ўзяць з сабой у сховішча. Гук сірэны яны чулі часцей, чым дзіцячы смех на двары. Яны старэйшыя за свой узрост – таму што навакольная рэчаіснасць прымусіла іх пасталець занадта хутка.
 
Але разам з тым, гэта дзеці, якія ведаюць, што такое надзея. Дзеці, якія бачаць святло, нават калі вакол цемра. Яны малююць не толькі танкі і разбурэнне – яны малююць сонца, свае сем’і, птушак і мір. Асабіста для мяне гэтая выстава больш, чым проста мастацтва. Гэта знак надзеі. Надзея на тое, што жыццё пераможа. Надзея на нас, украінцаў, і на моц нашага духу. Надзея на будучыню, дзе будзе мір.

Мы не забудзем народ Украіны, як не забудзем народ Газы і ўсіх, хто пакутуе на Святой Зямлі і Блізкім Усходзе. На мінулым тыдні з намі была жанчына, ураджэнка Газы. Яе пляменнік быў цяжка паранены ў выніку бамбардавання касцёла Святой Сям’і, але яму была аказана дапамога.

Калі мы глядзім на сітуацыю ў сектары Газа і ва Ўкраіне, а таксама на тое, што адбываецца ў Судане, Гаіці, Нікарагуа ды іншых месцах нашага неспакойнага свету, мы можам спытаць сябе, дзе Бог? Але хіба Бог не просіць нас, як сказала Бажэна, памятаць пра тых, хто апынуўся ў гэтых канфліктах, і шукаць шляхоў праявы нашае салідарнасці?

Калі ласка, далучайцеся да нас заўтра а 20-й гадзіне тут, у Храме, каб, як і кожную пятніцу ўвечары, у цішыні памаліцца за мір у нашым свеце. Ціхая малітва можа здацца малаважнай, але яна можа быць знакам салідарнасці з тымі, хто не можа выказаць свае пакуты і хто пазбаўлены слоў. Падчас гэтае малітвы ў нас можа ўзнікнуць інтуіцыя, якая паказвае, якія дзеянні мы можам зрабіць.

У канцы гэтага года ў Парыжы і прылеглым рэгіёне Іль-дэ-Франс адбудзецца наша Еўрапейская сустрэча3937. Калі вам ад 18 да 35 гадоў, мы будзем рады вітаць вас там з 28 снежня па 1 студзеня. Арцыбіскуп Парыжа і біскупы правінцыі зрабілі такое цёплае запрашэнне, разам з лідэрамі Праваслаўнай Царквы і пратэстанцкімі пастарамі, што мы ўжо цешымся!

І напрыканцы: мы вельмі ўдзячныя за прысутнасць на гэтым тыдні біскупаў Майкла, Джонатана, Сміта і Грэма з Англіканскай царквы, а таксама арцыбіскупа Ёркскага Стывена, які быў з намі ў першай палове тыдня. Прыязджаючы з моладдзю з вашых дыяцэзій, вашае сяброўства і падтрымка вельмі важныя. Дзякуй.

У панядзелак, 28 ліпеня, я выязджаю ў Рым, дзе будзе Юбілей моладзі. Разам з пяццю іншымі братамі мы правядзем малітвы са спевамі з Тэзэ ў касцёле Santa Maria in Aracœli. У пятніцу ўвечары ў касцёле Sant’Ignazio адбудзецца экуменічная малітва з удзелам моладзевага руху езуітаў Magis і супольнасці Chemin Neuf. Затым, перад вяртаннем у Тэзэ, мы возьмем удзел у малітоўным чуванні і Эўхарыстыі з папам Львом, з якім я змог сустрэцца 4 ліпеня.

А на працягу трэцяга тыдня жніўня тут, у Тэзэ, пройдзе тыдзень дзялення і сведчання праваслаўнай верай. Такім чынам, мы жывем нашым запалам да адзінства ўсіх тых, хто любіць Хрыста.

Апошняе абнаўленне: 28 July 2025